назад
вперед
Наши электронные пособия
Электронное пособие: Microsoft Excel 2007
Электронное пособие: Средние физические величины
Электронное пособие: Основы кинематики
Задачи по физике
Мы любим РЕБУСЫ!
Ребусы по физике
Ребусы по информатике
Обучение с MOODLE
Ребусы по физике
Правапіс галосных
§ 1. Галосныя літары

1. У беларускім алфавіце 10 галосных літар: а, о, у, ы, э, е, ё, і, ю, я.

2. Літары а, о, э, у пішуцца ў пачатку слова і пасля цвёрдых зычных для абазначэння адпаведных галосных гукаў. Літара і пішацца ў пачатку слова, пасля зычных пішацца ы або і ў залежнасці ад цвёрдасці або мяккасці зычных. Літары е, ё, ю, я ў пачатку слова, у сярэдзіне слова пасля галосных, ў (у нескладовага), раздзяляльнага мяккага знака і апострафа абазначаюць на пісьме спалучэнне зычнага гука [й] з галоснымі [э], [о], [у], [а]: елка - [йэ]лка, юны -[йу]ны, яма - [йа]ма; паехаў - па[йэ]хаў, паёк -па[йо]к, саюз - са[йу]з; здароўе - здароў[йэ]; льеш - ль[йэ]ш; аб'езд - аб[йэ]зд, б'ю - б[йу), сям'я - сям[йа].

3. Літары я, ё, е, ю, і пасля зычных абазначаюць мяккасць зычных і адпаведныя галосныя гукі [а], [о], [э], [у], [і]: сяду - [с'а]ду; вязу - [в'а]зу, мёд - [м'о]д, лета - [л'э]та, люты -[л'у]ты, ліст - [л'і]ст.

4. Кропкі над літарай ё абавязковыя. Кропка над літарай і малой абавязковая. Над літарай I вялікай у друкаваных тэкстах кропка не ставіцца, а ў рукапісных тэкстах кропка абавязковая.

Каментарыі: § 1 "Галосныя літары" рэгламентуе выкарыстанне галосных літар для абазначэння на пісьме галосных гукаў, ужыванне галосных літар я, ё, е, юу і для абазначэння спалучэнняў галосных гукаў з зычным гукам [j] у пачатку і сярэдзіне слова, а таксама для абазначэння адпаведных галосных гукаў і мяккасці папярэдніх зычных.

У гэтым правіле асаблівую ўвагу трэба звярнуць на п. 4, дзе рэгламентуецца напісанне кропак над літарамі ё і і. Асаблівасцю беларускага правапісу з'яўляецца тое, што пастаноўка кропак над ё абавязковая ва ўсіх выпадках без выключэння ва ўсіх тыпах пісьмовых тэкстаў. Адсутнасць кропкі над і дапускаецца толькі ў адным выпадку - над літарай І вялікай у друкаваных тэкстах, у тым ліку і калі ўвесь тэкст надрукаваны вялікімі літарамі (ФЕСТЫВАЛЬ МУЗЫКІ I ПЕСНІ). Адхіленне ад гэтай нормы з'яўляецца памылкай і ўплывае на ацэнку ведаў вучняў па беларускай мове.

§ 2. Літары о, ё.

1. Літара о пішацца толькі пад націскам: год, кот, скрозь, шоўк, колас, мова, доўга, посуд, арол, шолах, плячо, дарога, разгортваць, дапамога, дадаткова, жніво, дэпо, водар, оканне, ода, оптам, ордэн, офіс, опера, Об, Орша, Омск, Обнінск, Осла, Оксфард, Орск, Токіа, Ватэрлоа.

2. Літара ё пішацца пад націскам: лёс, вёска, сёстры, цёмны, цёплы.

Літара ё пішацца не пад націскам у словах з коранем ёд- і ёт-: ёдапірын, ётацыя, ётаванне.

3. Літара ё пішацца ў складаных словах з першай часткай радыё-: радыёстанцыя, радыёграма, радыёантэна.

Калі першая частка складанага слова ўтво-рана ад назвы хімічнага элемента радый, то пішацца літара е, якая з'яўляецца злучальнай галоснай: радыебіялбгія, радыеактыўнасць, радыеметрычны, раЬыеізатдп і інш. У першым складзе перад націскам у гэтым выпадку пішацца я: радыямётрыя, радыяхгмія, радыялогія, радыяграфія.

Каментарыі: 1. Правіла аб напісанні літары о (п. 1) застаецца фактычна без змен, але цяпер гэтае правіла не мае выключэнняў, як у "Правілах..." 1959 г. Словы з ненаціскным канцавым о (адажыо, сальфеджыо, трыо і інш.), якія паводле дзеючых правіл 1959 г. пішуцца з о, перастаюць быць выключэннямі і будуць пісацца з канцавым а: адажыа, сальфеджыа, трыа, партфоліа, Токіа, Ватэрлоа і г. д. Такім чынам, змяншаецца колькасць выключэнняў.

2. У новай рэдакцыі "Правіл..п. 3 уведзены для таго, каб размежаваць напісанне літары ё ў складаных словах, першай часткай якіх з'яўляецца радыё-, і літар е, я ў складаных словах, першай часткай якіх з'яўляецца радый.

Слова радыё- адносіцца да разраду нескланяльных назоўнікаў, канцавое ё ў ім з'яўляецца часткай першай асновы складанага слова і пішацца нязменна. Складаныя словы з першым кампанентам радыё-, такім чынам, утвараюцца без удзелу злучальнай галоснай і з'яўляюцца чыстымі складаннямі. Літара ё ў такіх словах пішацца незалежна ад месца націску ў другой частцы: радыёабслугоўванне, радыёабсталяванне, радыёаглядальнік, радыёакустычны, радыёальтыметр, радыёаматар, радыёаматарскі, радыёантэна, радыёапавяданне, радыёапарат, радыёапаратура, радыёаператар, радыёастранамічны, радыёастраномія, радыёатэльё, радыёаўтограф, радыёаэранавігацыйны, радыёбачанне, радыёбуй, радыёвежа, радыёветрамер, радыёвузел, радыёвымяральны, радыёвыпраменьвальны, радыёвыпуск, радыёвышка, радыёвяшчанне, радыёгазета, радыёгідраакустычны, радыёгідралогія, радыёгідраметэаралагічны, радыёголас і г. д.

Слова радый у беларускай мове - зменны назоўнік з асновай на -й, таму ў складаных словах з першым кампанентам радый- галосныя е (я) з'яўляюцца злучальнымі галоснымі, напісанне якіх падпарадкоўваецца агульнаму правілу (гл. §7. Правапіс е, ё, я ў складаных словах): радыеадчувалънасцъ, радыеадчувальны, радыеактывацыйны, радыеактыўны, радыеахоўны, радыебіёлаг, радыебіялогія, радыевугляродны, радыегеалогія, радыеграфічны, радыеізатопны, радыекарбонны, радыелагічны, радыелюмінесцэнцыя, радыелячэнне, радыеметрычны, радыепратэктар, радыерэзістэнтнасць, радыесенсібілізацыя, радыетэрапія, радыеўстойлівасць, радыехімічны, радыеэкалогія; радыягенны, радыяграфія, радыялогія, радыялярыевы, радыялярыя, радыяметрыя, радыяхімія.

§ 3. Літары э, е

1. Літара э пішацца:

у пачатку выклічнікаў э, эге, эге-ге, эй, эх;

пасля прыстаўной літары г у слове гэты і вытворных ад яго (дагэтуль), а таксама ў выклічніках гэ, гэй і назвах літар (бэ, вэ і інш.);

пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц]: жэрдка, жэмчуг, шэры, нашэсце, чэрствы, чэк, нараджэнне, абуджэнне, рэкі, рэзаць, халадэча, сардэчны, пустэча, мястэчка, цэны, у руцэ.

2. У пачатку запазычаных слоў літары э, е як пад націскам, так і не пад націскам пішуцца ў адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем: эра, эсэ, эўрыка, эпас, этыка, Эўклід, Эўрыпід, Эліста; егер, ерась, ерэтык, Еўропа, еўрапейскі, Еўпаторыя, Ерэван, ерэванец, Еўфрат.

На канцы запазычаных нязменных слоў, а таксама ўласных імён і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к, пішацца э: купэ, рэзюмэ, рэнамэ, кафэ, галіфэ, кашнэ, кабернэ, фрыкасэ, плісэ, каратэ, дэкальтэ; Струвэ, Мерымэ, Эйвэ, Хасэ, Морзэ, Табідзэ, Брыгвадзэ, Каба-Вердэ, Душанбэ, Сан-Тамэ; але: сальта-мартале, філе, камюніке, піке.

3. Літара э ў запазычаных словах пасля губных зычных, а таксама пасля з, с, н пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем. Так, словы капэла, сурвэтка, экзэмпляр, маянэз, тунэль, сэрвіс, інтэрнэт пішуцца з літарай э, а словы медаль, менеджмент, нервы, парламент, перспектива, газета, сервіз – з літарай е.

4. У запазычаных словах, адзначаных у пунктах 2 і 3 гэтага параграфа, напісанне э, е вызначаецца па слоўніку.

Каментарыі: 1. У §3 (п. 1) сфармуляваны правілы напісання літары э ў спрадвечнабеларускіх словах.

2. У параграфе сфармуляваны толькі асноўныя прынцыпы правапісу галосных э, е у запазычаных словах. Гэтае правіла адносіцца да найбольш складаных у беларускім правапісе, таму напісанне гэтых літар у значнай частцы слоў іншамоўнага паходжання вызначаецца па слоўніку. Згодна з новай рэдакцыяй істотна пашыраецца напісанне -э, у тым ліку канцавога, у іншамоўных словах, якія паводле дзеючага правапісу пішуцца з канцавым -е.

Напісанне э, еў пачатку запазычаных слоў: эазін, эазойскі, эазухіі, эакранартый, эбаніт, эбен, эвакуация, экзэма, экзэмпляр, экіпаж, экіпіроўка, эклектьізм, эколаг, экран, экранізацыя, экскаватар і г. д.; егер, егермайстар, Егіпет, егіпецкі, езуіт, епархія, епіскап, еўнух, еўракосмас іг. д.

Напісанне э, е ў канцы запазычаных слоў: албэ, андантэ, аташэ, бурымэ, галіфэ, дэкальтэ, кашнэ, клішэ і г. д.; апліке, біенале, більбаке, букле, буле, варыкацэле, граве, дэфіле, жэле, калоцыбе, камюніке, каноцыбе, кантабіле, кантэле, кокле, кракле, кюве і г. д.

Напісанне э, е ў канцы запазычаных слоў пасля апострафа і мяккага знака: грэф’е, дасье, дэзабілье, Ьэнье, калье, канферансье, кінаатэлье, круп’е, кульсье, куцюр’е, лансье.

§ 4. Перадача акання на пісьме

1. Галосныя гукі [о], [э] ў ненаціскным становішчы чаргуюцца з [а]: дом - дамы, мова -маўленне, цэгла - цагляны, шэпт - шаптаць.

2. Незалежна ад паходжання слова гук [о] ў ненаціскных складах вымаўляецца як [а], што перадаецца на пісьме: гара, вада, баранаванне, колас, холад, балота, Бандарэнка, Коханава, Кунцава, Гамер, Сакрат, арганізацыя, педагагічны, электарат, харэаграфія, заалогія.

Не падпарадкоўваюцца аканню словы са спалучэннямі ро, ло, якія чаргуюцца з ры, лы: кроў - крыві - крывавы, дровы - дрывотня, крошка - крышыцъ, бровы - брыво, гром - грымоты -грымець, брод - брысці, глотка - глытацъ, блохі - блыха.

3. У словах славянскага паходжання і запазычаных словах, цалкам адаптаваных у беларускай мове, галосны [э] ва ўсіх ненаціскных складах чаргуецца з [a] і абазначаецца на пісьме літарай а: стрэхі - страха, шэры - шарэць, чэргі - чарга, крэмль - крамлёўскі, жэмчуг - жамчужына, арэнда - арандаваць, майстэрня - майстар.

Ва ўласных імёнах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў у ненаціскных складах гук [э] падпарадкоўваецца агульным правілам акання - пасля цвёрдых зычных ён чаргуецца з [a] і абазначаецца на пісьме літарай а: Беразіно, Чарапавец, Жамчужнікаў, Чарнышэўскі, Шаўчэнка, Чалюскін, літара, транслітарацыя.

4. Перадача на пісьме [э] ў іншых запазычаных словах у ненаціскных складах асновы вызначаецца наступнымі правіламі:

у пачатку слова [э] перадаецца на пісьме літарай э ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем: эканомія, экзамен, экватар, этажэрка, элемент. Літара э пішацца пасля прыставак і ў другой частцы складанага слова: праэкзаменаваць, трохэлементны, квінтэсэнцыя;

пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц] пішацца э: жэтон, Жэнева, Жэрар, жэлацін, чэкмень, рэспубліка, рэформа, Рэмарк, рэклама, рэактар, рэвізія, агрэгат, рэжым, рэкорд, рэестр, рэвалюцыя, дэталъ, гардэроб, Дэтройт, Дэфо, дэлегат, дэманстрацыя, ордэн, тэорыя, тэатр, тэлеграф, тэлефон, ветэран, катэт, тэрмометр, тэарэма, цэнтралізм, цэвіта.

5. У запазычаных словах напісанне э і а пасля зычных, акрамя шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц], вызначаецца па слоўніку: панэль; але: шынель.

6. Ненаціскныя фіналі -эль, -эр у запазычаных словах перадаюцца як -аль, -ар: шніцаль, шпаталь, міталь, форталь, карцар, грэйдар, лодар, кампютар, пэйджар, рэйсфедар, эспандар, тэндар, ордар, менеджар, фарватар, альма-матар, кратар, прэсвітар.

Ненаціскныя фіналі -эль, -эр ва ўласных імёнах іншамоўнага паходжання перадаюцца нязменна: Ландэр, Одэр, Пітэр, Юпітэр.

Каментарыі: У §4 сфармуляваны асноўныя палажэнні, якія датычацца адлюстравання на пісьме такой адметнай рысы беларускага вымаўлення, як аканне. У асноўным у новым правапісе захоўваецца ранейшая норма. Змены датычацца толькі слоў іншамоўнага паходжання з канцавымі ненаціскнымі фіналямі -эль, -эр у запазычаных словах, у якіх паводле дзеючых правіл захоўвалася нязменнае напісанне гэтых фінальных частак. У новай рэдакцыі "Правіл..." на напісанне гэтых слоў і вытворных ад іх паслядоўна распаўсюджваецца агульны прынцып адлюстравання акання на пісьме: аўтсайдар (аўтсайдарскі), бартар (бартарны), бухгалтар, дэкодар, майстар, прынтар (прынтарны), камп’ютар (камп’ютарны, камп'ютаршчык), кандытар (кандытарскі), світар, фарватар (фарватарны), шніцаль, эспандар і г. д. Такім чынам, захоўваецца аднастайнасць напісання цэлай групы структурна аднолькавых слоў іншамоўнага паходжання.

§ 5. Правапіс літар о,э,а ў складаных словах

1. У складаных словах можа быць адзін асноўны і адзін або некалькі пабочных націскаў. Калі ў другой частцы складанага слова націск на першым складзе, то ў першай частцы замест о пішацца а: дабрадзей, скараход, салявар, дабраякасны, галаваломка, вадасховішча, малатабоец, бамбасховішча, раўнапраўе.

Літара о захоўваецца ў складаных словах, першай часткай якіх з'яўляюцца слова-, што-, фота-, мота-: словазлучэнне, словазмяненне; штодзённы, штомесяц, штогод; фотаздымак, фотакопія, фотаплёнка, фотакамера, фотавыстаўка і г. д.; але: фатаграфія і вытворныя ад яго; мотагонкі, мотакрос, мотаспорт і г. д.; але: матавоз, матацыкл і вытворныя ад іх.

2. Калі ў другой частцы складанага слова націск не на першым складзе, то ў першай частцы захоўваецца о: асновапалажэнне, бавоўнапрадзільны, вогнетрывалы, водаразмеркавальнік, вагонарамонтны, востракамбінацыйны, высокаідэйны, галоўнакамандуючы, корманарыхтоўка, конегадоўля.

У першай частцы некаторых складаных слоў, асабліва навуковых тэрмінаў, можа выразна праяўляцца пабочны націск і тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі. У такім выпадку пад пабочным націскам у першай частцы захоўваецца напісанне о: агорафобія, азонастойкі, азотнакіслы, збожжасховішча, коксагазавы, манголазнаўства, мовазнаўства, мовазнаўчы, маторазборка, работадавец, словатворчасць, фондасховішча і інш.

Ва ўсіх іншых выпадках напісанне падобных слоў вызначаецца па слоўніку.

3. Літара о пішацца ў першай частцы складаных слоў, калі другая частка пачынаецца з ў (у нескладовага): марозаўстойлівы, торфаўборачны, вогнеўстойлівы, збожжаўборка.

4. Лічэбнікі ад 600 да 800 утвараюць асобны тып складаных слоў, у якіх першая частка скланяецца і пішацца як самастойнае слова.

Напрыклад:

Н. шэсцьсот семсот восемсот

Р. шасцісот сямісот васьмісот

Д. шасцістам сямістам васьмістам

В. шэсцьсот семсот восемсот

Т. шасцюстамі сямюстамі васьмюстамі

М. (аб) шасцістах сямістах васьмістах

5. Гук [э] у першай частцы складаных слоў захоўваецца і абазначаецца літарай э: мэтанакіраваны, мэтазгодна, рэдказубы, шэравокі, арэхападобны, крэдытаздольнасць, тэлебачанне.

6. У складаных словах, утвораных ад лічэбніка ў форме роднага склону і іншага слова, першая частка пішацца так, як яна пішацца ў родным склоне лічэбніка: трохдзённы, чатырохпавярховы, шасціствольны, шасцісоты, пяцідзёнка, дзесяцігодка, сямікласнік, васьмігадовы, васьмісоты, дзевяціградусны, саракагоддзе, саракапяцітонны, двухсотметровы.

7.Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з іх пішацца як асобна ўзятае слова: авіяматорабудаванне, аўтатрактарабудаванне, аэрафотапрыбор.

Каментарыі:

1. Правілы напісання літар о, э, аў складаных словах датычацца галоўным чынам першай часткі складаных слоў і адносяцца да найбольш цяжкіх у сучасным беларускім правапісе. Напісанне гэтых літар у складаных словах залежыць ад месца націску ў другой частцы складанага слова, а таксама ад характару яго першай часткі (спрадвечнае ці запазычанае слова).

У новых правілах напісанне літар о, э, а ў складаных словах у асноўным адпавядае "Правілам беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" 1959 г., удакладненні датычацца толькі напісання асобных слоў і груп слоў. Асноўным застаецца прынцып, што напісанне галосных о, э, а ў першай частцы складанага слова залежыць ад месца націску ў другой частцы і колькасці асноў у складаным слове. Таму правапіс галосных о, э, а ў пераважнай большасці агульнаўжывальных складаных слоў з пераважна славянскімі (спрадвечнымі) асновамі падпарадкоўваецца наступным правілам.

а) Калі націск у другой частцы складанага слова падае на першы склад, то ў першай частцы замест о пішацца а: добры - дабрадзей, соль - салявар, молат - малатабоец, роўны - раўнапраўе, горы - гарналыжнік, гарналыжніца і гарналыжны і інш.

б) Калі ж націск у другой частцы складанага слова не на першым складзе, то ў першай частцы паяўляецца дадатковы (пабочны) націск і захоўваецца напісанне о: агонь - вогнетрывалы, высокі - высокамастацкі, вагон - вагонабудаўнічы і інш.

Калі другая частка складанага слова пачынаецца з ў (у нескладовага), то ў першай частцы таксама захоўваецца напісанне літары о: марозаўстойлівы, торфаўборачны, вогнеўстойлівы, збожжаўборка і інш. Мэтазгоднасць такога напісання абумоўлена тым, што ў словах устойлівы, уборка націск падае на другі склад і захоўваецца на гэтым жа складзе, калі яны становяцца другой часткай складанага слова. Пераход жа у ў ў абумоўлены толькі пазіцыйна. Гэтым жа абумоўлена і напісанне слоў вокамгненна, вокамгненны, вокамгненнасць, у якіх другой часткай з'яўляюцца словы імгненна, імгненны, імгненнасць з націскам не на першым складзе.

в) Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з іх пішацца як асобна ўзятае слова: авіяматорабудаванне, аўтатрактарабудаванне, аэрафотапрыбор, водамаслазапраўшчык.

г) Напісанне літары э ў першай частцы складаных слоў захоўваецца нязменна як у самастойным слове: мэтанакіраваны, мэтазгодна, рэдказубы, шэравокі, арэхападобны, крэдытаздольнасць, тэлебачанне.

2. Разам з тым правапіс о, а ў першай частцы даволі вялікай колькасці складаных слоў не падпарадкоўваецца названым вышэй агульным прынцыпам правапісу складаных слоў. Фактычна выключэннямі з гэтага правіла з'яўляюцца многія складаныя словы з першай часткай іншамоўнага паходжання, у якіх напісанне о захоўваецца незалежна ад месца націску ў другой частцы.

Згодна з новымі правіламі захоўваецца нязменнае напісанне о у словах слова-, што-, фота-, мота-, калі яны з'яўляюцца першай часткай складаных слоў незалежна ад месца націску. Напісанне о захоуваецца таксама ў першай частцы незалежна ад месца націску ў другой у значнай колькасці складаных слоў, якія адносяцца ў асноўным да тэрміналагічнай лексікі. Захаванне ў новых правілах гэтай "старой" нормы абумоўлена імкненнем:

а) захаваць традыцыю нязменнага напісання некаторых вельмі пашыраных у сучаснай маўленчай практыцы беларускіх слоў (збожжа, мова, свабода і інш.). Асабліва гэта датычыцца выпадкаў, калі неабходна захаваць аднолькавае напісанне частак у складаных словах, якія падпарадкоўваюцца розным прынцыпам напісання: свабодалюбівы (націск у другой частцы не на першым складзе) і свабодалюбства (націск у другой частцы на першым складзе);

б) пазбегнуць непажаданай аманіміі і двухсэнсоўнасці складаных слоў (слова і слава, мангол і мангал): словатворчасць (ад слова, а не слава);

в) не дапусціць сэнсавай неадназначнасці тэрміналагічнай лексікі, што перашкаджае выкарыстанню беларускай мовы ў навуковай і афіцыйна-дзелавой сферах. Напрыклад: вокарухалъны (анатам.), гросмайстар, збожжаздатачны, збожжасклад, збожжасховішча, іголкафільтр, калонлічба, коксагазавы, коксахімія, манголазнавец, мовазнаўства, мовазнаўчы, моватвдрчасць, моватворчы, маторазборачны, прыродазнавец, прыродазнаўца, работадаўца, ружоватвары, свабодалюбны, свабодалюбства, свабоднападаючы, словатворчасць, словаформа, усходазнавец, усходазнаўства, фондаёмістасць, фондасховішча, электронвольт і г. д.

Фактычна ва ўсіх гэтых выпадках у адпаведнасці з вымаўленнем у першай частцы праяўляецца пабочны націск. Правапіс такіх слоў трэба правяраць па слоўніках.

У складаных словах, што пішуцца праз злучок, кожная частка захоўвае свой націск і пішацца як самастойнае слова: доберман-пінчар, чррна-белы, чорна-буры, чырвона-белы, чырвона-буры. Параўн. таксама: стоп-кран, стоп-кадр, стоп-сігнал, шоу-бізнес.

3. Некаторыя асаблівасці мае напісанне о, э, а у складаных словах, першай часткай якіх з'яўляюцца лічэбнікі.

Захоўваецца нязменнае напісанне першай часткі ў складаных лічэбніках шэсцьсот, семсот, восемсот. Гэта абумоўлена тым, што гэтыя лічэбнікі ўяўляюць сабой спецыфічную групу складаных слоў, у якіх пры скланенні змяняюцца абедзве часткі, а значыць захоуваецца самастойны націск і напісанне ўсіх склонавых форм як у асобных словах.

Незалежна ад месца націску ў другой частцы захоўваецца ў складаных словах нязменнае напісанне з літарай о першых частак, якія з'яўляюцца формамі роднага склону лічэбнікаў дзвесце, дзевяноста, сорак, тры, трыста, чатыры, чатырыста: двухсотгадовы, двухсоткглаграмовы, дзевяностагадовы, саракагадовы, саракатонны, трохаконны, трохаршынны, трохбаковы, трохгалосы, трохкіламетровы, трохлітровы, чатырохпрацэнтны, чатырохрублёвы, чатырохсотгадовы, чатырохтыднёвы, трохсотгадовы, а таксама двухсотгоддзе, дзевяностагоддзе, трохвосевы, трохмачтавы, трохмерны, трохмесячны, трохмоўны, трохпалубны, трохсотгоддзе, трохсоты, трохстволка, трохструнны, трохсценка, чатырохзначны, чатырохколерны, чатырохмесны, чатырохногі, чатырохслоўны, чатырохтомнік.

Такім жа чынам у новых правілах уніфікуецца напісанне складаных слоў, першай часткай якіх з'яўляецца лічэбнік сто: стагоддзе, стагодні, стаградусны, стасільны, статысячны, статыcячнік, стасвечкавы, ставежавы, статонны, а таксама стааблічны, ставярстовы, стагадовы, стагаловы, стагалосы, стаграмовы, стаметровы, стамільённы, стапрацэнтны, старублёвы. У гэтых словах галосная а з'яўляецца злучальнай галоснай і яе правапіс вызначаны адпаведным правілам, згодна з якім злучальная галосная о пішацца толькі пад націскам. Акрамя таго, частка ста- у гэтых словах з'яўляецца формай роднага склону лічэбніка сто, што цалкам суадносіцца з агульным правілам правапісу складаных слоў у першай частцы лічэбнікаў у форме роднага склону.

Заўвага:
У дзеючых правілах напісанне слоў з лічэбнікам сто падаецца непаслядоўна: стагоддзе, стагодні, але стоградусны, стотысячны, стогаловы і г. д. (Слоўнік беларускай мовы. Мінск, 1987).

§ 6. Перадача якання на пісьме

1. Галосныя е, ё у першым складзе перад націскам абазначаюцца на пісьме літарай я: землі - зямля, зелень - зялёны, сем'і - сям я, сёлы - сяло, сестры - сястра, вёслы - вясло, веска - вясковы, елка - яліна, ездзіць - язда, ёмкі - ямчэй, ёрш - ярша, лён - лянок, мёд - мядок, дзень - дзянёк, лес – лясны, снег - снягі, вецер – вятры, сцены - сцяна, дзевяць - дзявяты, дзесяць - дзясяты, сем - сямнаццаць, восем - васямнаццаць, цецерукоў - цецярук, перанесці - перанясу.

У іншых ненаціскных складах е захоўваецца: селянін, зеляніна, вестуны, леснікі, векавечны, верацяно, нерухомы, безупынны, возера, весела, восем, заедзь, высветліць, выехаць, восень, цемень, дзевятнаццаты, дзесятковы.

2.Літара я пішацца ў першым складзе перад націскам у імёнах, прозвішчах і геаграфічных назвах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў: Бялынічы, Лемяшэвічы, Аляксандр, Сяргей, Бялінскі, Няхода, дзяжурства, каляндар, яфрэйтар, сяржант, Яршоў.

3.Заўсёды захоўваецца е ў першым складзе перад націскам пасля заднеязычных г, к, х: герой, Герасім, кераміка, кефір, Херсон.

4.Часціца не і прыназоўнік без заўсёды пішуцца з літарай е: не быў, не браў, не ідзе, не спыніць, без меры, без жартаў, без прычыны, не без вынікаў, не без работы.

Пры напісанні разам не і без становяцца прыстаўкамі і падпарадкоўваюцца агульным правілам напісання галосных літар е, я: няхай, нястомна, няштатны, бязмежны, бязлюдны, бясконца; але: непісьменны, безупынны, безапеляцыйны, бескарысны, беспаваротны.

5. Літара я пішацца ў некаторых каранях слоў нязменна: віцязь, сувязь, заяц, яравы, вязаць, завязь, повязь, мяккаваты, цягавіты, цяжкаваты, святкаваць, месяц, пояс, памяць, дзевяць, дзесяць, тысяча, Бесядзь, Прыпяць; япрук - япрука, япруковы; ядловец - ядлаўцовы.

6. Літара я пішацца ў паслянаціскных складах у некаторых суфіксах назоўнікаў (роўнядзь. боязь, дробязь) і дзеясловаў (лаяць, веяць, сеяць. кашляць, баяць, муляць), а таксама ў аддзеяслоўных назоўніках (лаянка, веялка, сеялка).

Каментарыі:


1.Правілы перадачы якання на пісьме застаюцца ў цэлым нязменнымі ў параўнанні з адпаведнымі параграфамі "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" (Мінск, 1959), аднак іх дзеянне больш паслядоўна распаўсюджваецца на напісанне некаторых груп слоў. У прыватнасці, згодна з новымі правіламі пішацца я замест е (е) у першым складзе перад націскам у словах дзявяты, дзясяты, дзясятка, дзясятнік, сямнаццаць, сямнаццаты, васямнаццаць, васямнаццаты, пяцьдзясят, пяцідзясяты, шэсцьдзясят, шасцідзясяты, семдзясят, сямідзясяты, восемдзясят, васьмідзясяты і некаторых іншых словах іншамоўнага паходжання. Мэтазгоднасць адлюстравання на пісьме якання ў гэтых словах тлумачыцца ў першую чаргу сучаснай маўленчай практыкай. Акрамя таго, словы сямнаццаць, васямнаццаць цяпер у адпаведнасці з сучаснай лінгвістычнай традыцыяй разглядаюцца як суфіксальныя ўтварэнні, а не складаныя словы, што апраўдвае менавіта такое іх напісанне.

ПРАВАПІС ЛІЧЭБНІКАЎ СЕМДЗЕСЯТ, ВОСЕМДЗЕСЯТ

У каментарыях да § 6 "Перадача якання на пісьме" "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" (Роднае слова, № 2, с. 90) тлумачыўся правапіс е, я ў лічэбніках, у тым ліку складаных з кампанентам -дзясят, -дзясяты.

Трэба прызнаць арфаграфічна некарэктным прапанаванае напісанне слоў семдзясят, восемдзясят. У адпаведнасці з агульным правілам правапісу е, я у паслянаціскных складах (гл. п. 1 § 6 Закона) гэтыя словы павінны пісацца як семдзесят, восемдзесят (гл. таксама: Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне / пад рэд. М. В. Бірылы. Мінск: БелСЭ, 1987. 903 с).

2.Захаванне ў першым пераднаціскным складзе пасля заднеязычных г, к, х у словах іншамоўнага паходжання літары е абумоўлена асаблівасцямі беларускага літаратурнага вымаўлення і адпавядае той пісьмовай традыцыі, што склалася: герой, Герасім, кераміка, кефір, Херсон.

Пасля заднеязычных г, к, х у словах іншамоўнага паходжання літара я пішацца, у тым ліку і пад націскам, толькі ў тых выпадках, калі яно з'яўляецца этымалагічным: гяур, кярыз, Кяхта, Гянджа і інш.

Напісанне літары е ў першым пераднаціскным складзе пасля іншых зычных у словах іншамоўнага паходжання адбываецца ў адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем і вызначаецца сдоўнікам, напрыклад: бензін, вазелін, медаль, метро, пенал, пенснэ, перон, перыяд, універсальны, феерверк, экзекуцыя, элемент і інш.

3.Напісанне часціцы не і прыназоўніка без з літарай е абумоўлена іх статусам асобных слоў. Таму на іх напісанне не ўплывае слова, з якім яны спалучаюцца ў пісьмовым тэксце. Такі падыход забяспечвае аднастайнасць іх напісання і спрыяе павышэнню агульнага ўзроўню граматнасці.

4.Пункты 5 і 6 § 6 тлумачаць нязменнае напісанне літары я ў каранях некаторьгх слоў і суфіксах.

Таксама захоўваецца напісанне літары я не ў першым пераднаціскным складзе ў наступных выпадках (гл.: Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Мінск, 1959):

а) у ненаціскных канчатках назоўнікаў жаночага роду першага скланення ў творным склоне: песняй (-яю), воляй (-яю), хваляй (-яю), кнігарняй (-яю);

б) у ненаціскных канчатках некаторых назоўнікаў мужчынскага, жаночага і ніякага роду ў родным склоне множнага ліку: суседзяў, гердоў, заданняў, выступленняў, хваляў, роляў;

в) у ненаціскных канчатках якасных і адносных прыметнікаў і парадкавых лічэбнікаў ніякага роду ў назоўным і вінавальным склонах: летняе надвор'е, апошняе заданне, трэцяе пакаленне;

г) у ненаціскных канчатках якасных і адносных прыметнікаў і парадкавых лічэбнікаў і дзеепрыметнікаў у назоўным склоне множнага ліку: раннія халады, родныя дзеці, далёкія перспектывы, шырокія дарогі, густыя лясы, пяцідзясятыя гады, паламаныя дрэвы;

д) у ненаціскных канчатках якасных і адносных прыметнікаў і парадкавых лічэбнікаў мужчынскага, ніякага і жаночага роду ў родным і давальным склонах адзіночнага ліку: позняга (позняй), учарашняга (учарашняй), трэцяга (трэцяй);

е) у ненаціскных канчатках якасных і адносных прыметнікаў і парадкавых лічэбнікаў жаночага роду ў творным і месным склонах адзіночнага ліку: летняй (-яю) парой, летняй пары, дальняй (-яю) дарогай, дальняй дарозе, трэцяй (-яю) групай, трэцяй групе;

ж) у склонавых канчатках займеннікаў, якія скланяюцца як прыметнікі: якія, гэтыя, іншыя, нейкія і г. д.

Напісанне склонавых канчаткаў назоўнікаў, прыметнікаў, лічэбнікаў, займеннікаў, а таксама асабовых канчаткаў дзеясловаў рэгламентуецца граматыкамі беларускай мовы.

§ 7. Правапіс е, ё, я ў складаных словах

1. У першай частцы складанага слова літара е захоўваецца незалежна ад таго, на якім складзе націск у другой частцы: сенакасілка, серпадзюб, верхнеазёрскі, белабрысы, землетрасенне, светапогляд, свежавымыты, свежамарожаны, сенажаць.

Калі першай часткай складаных слоў з'яўляецца аснова велік- / вялік-, напісанне літар е або я залежыць ад таго, які склад у другой частцы націскны: калі першы, пішацца е, калі другі, пішацца я: велікадушны, велікарускі, велікамучанік, велікасвецкі; Вялікабрытанія, вялікадзяржаўны, вялікагаловы.

2. У першай частцы складанага слова літара ё захоўваецца пры націску не на першым складзе другой часткі і замяняецца на е, калі націск на першым складзе другой часткі: лёгкаатлетычны, лёдадрабілка, мёртванароджаны, мёдаварэнне; ледарэз, медагонка, легкадумна.

3. У складаных словах злучальныя галосныя о, ё пішуцца толькі пад націскам, а - у любым ненаціскным складзе: ільновалакно, Вадохрышча, куродым, часопіс, геліёграф, марозаустбйлівы, прыборабудаунічы. '

4. Злучальная галосная е ў складаных словах пераходзіць у я, калі націск на першым складзе ў другой частцы складанага слова: баяздольны, зернясховішча, земляроб, жыццярадасны, крывятворны; але: боеприпасы, жыццеапісанне, землекарыстанне, зернебабовы.

Злучальная галосная е ў складаных словах захоўваецца, калі другая частка пачынаецца з ў (у нескладовага): зернеўборачны, вогнеўстойлівы.

Складанаскарочаныя словы пры напісанні звычайна разглядаюцца як простыя словы з адным націскам: зямфонд, лясгас.

Каментарыі: Напісанне е, ё, я ў складаных словах адносіцца да з'яў, у якіх неаднастайна адлюстроўваецца перадача на пісьме "акання" і "якання" і ў асноўным датычыцца правапісу гэтых літар у першай частцы складанага слова, а таксама правапісу злучальных галосных. У параўнанні з "Правіламі" 1959 г. новыя правілы правапісу е, ё, я ў складаных словах фактычна не змяняюцца. Разам з тым яны маюць пэўныя асаблівасці, у сувязі з чым выдзелены ў асобны параграф.

1. Асаблівасцю правапісу літары е ў першай частцы складанага слова з'яўляецца тое, што яе напісанне ніяк не абумоўлена месцам націску ў другой частцы. Фактычна ў дадзеным выпадку націскная і ненаціскная літара е пішацца:

- у словах іншамоўнага паходжання так, як і ў адпаведным самастойным слове ці частцы складанага слова;

- у спрадвечнабеларускіх словах так, як і ў пазіцыі пад націскам, або калі літара е стаіць не ў першым пераднаціскным складзе:

бела-: белавежскі, белакрылы, беларусістыка (параўн. белы, беленькі, але бялець, бялюткі);

бенза-: бензапіла, бензакалонка, бензацыстэрна (параўн. бензін);

бензгл-: бензілпеніцылін (параўн. бензіл);

бетон-: бетонамяшалка, бетонаўкладчык (параўн. бетон);

вегета-: вегетанеўроз (параўн. вегетацыя, вегетарыянскі);

веера-: вееракрылыя, веерападобны (параўн. веер);

вела-: велагоншчык, велазавод, веласпорт;

венца-: венцаносны (параўн. венчык, але вянец, вянок);

вера-: вераадступнік, вераадступніцкі (параўн. вера, вернік);

верацёна-: верацёнападобны (правапіс гэтага слова неабходна запомніць; параўн. верацяно, верацёнца, але верацёны);

верна-: вернападданыя (параўн. верны, вернасцъ);

верхне-: верхнегартанны, верхнезубны, верхнесілезскі (параўн. верх, верхні, але вяршыць);

ветра-: ветрагон, ветрарухавік, ветраўстаноўка (параўн. вецер, але вятрыска);

вечна-: вечназялёны, вечнамёрзлы (параўн. вечны, вечнасць);

геопага-: геолагаразведачны, геолагаразведка (параўн. геолаг, геалогія);

геранта-: герантамарфоз, герантапсіхалогія;

дзевяць-: дзевяцігадовы, дзевяцікласнік, дзевяцікратны (параўн. дзевяць, але дзявяты);

дзесяць-: дзесяцібальны, дзесяцівугольны, дзесяціградусны (параўн. дзесяць, дзесяткевы, але дзясяты);

дзет-: дзеталюбівы, дзетдомаўскі, дзетсад (параўн. дзеці, дзетвара, але дзяцінства);

звера-: зверабой, зверагадоўля, звералоў (параўн. звер, але звярыны);

земле-: землеапісанне, землеўласнік, земляроб (параўн. землі, земляны, але зямля);

зерне-: зернебабовы, зернедрабілка, зернясховішча (параўн. зерне, зернавы, але зярнятка);

крэменя-: крэменязём, крэменякіслы (параўн. крэмень);

леса-: лесагадавальнік, лесанарыхтоўка, лесаруб, лесасушыльны (параўн. лес, лесавік, але лясны);

лета-: летапісанне, летапісец (параўн. летні);

мега-: мегакалорыя;

меда-: медагонка, медазбор, меданосны (параўн. мёд, але мядовы);

медна-: медналісты, меднаплавільны, меднастволы (параўн. медзь);

меза-: мезагамія, мезазой, мезацэфал;

мела-: меладрама, меламан;

мета-: метабіёз, метагалактыка, метагенез, метафізік, метамарфозы;

перша-: першааснова, першабытны, першадрукар (параўн. першы, але пярвічны);

сева-: севазмена, севазварот, севазваротны (параўн. сеяцъ, але засяваць);

сейсма-: сейсмаактыўнасць, сейсмаграфія, сейсматэрапія (параўн. сейсміка);

селе-: селеахова, селезасцерагальны (параўн. сель);

селена-: селенаграфія, селенацэнтрычны, селенограф (параўн. селен);

сема-: семасіялагічны, семасіялогія (параўн. сема);

семя-: семядольны, семязавязь, семяўтварэнне (параўн. семя);

сена-: сенавалакуша, сенавязалка, сенакасілка, сенасушылка (параўн. сена, але сянаж);

сера-: серавадарод, серавуглярод (параўн. сера);

серна-: сернакіслотны, сернакіслы (параўн. серны);

серпа-: серпадзюб, серпападобны (параўн. серп, але сярпы);

фена-: фенабарбітал, фенагенетыка;

фера-: феравальфрам, ферамагнітны, ферасплаў;

цемна-: цемнабровы, цемнавокі, цемнаскўры (параўн. цемень, але цямнець);

цепла-: цеплалюбівы, цепламасаабмен, цеплатраса (параўн. цёплы, але цяпло).

Фактычна адзіным выключэннем з гэтага правіла з'яўляецца аснова велік- / вялік-, у якой напісанне літары е ці я залежыць ад месца націску ў другой частцы складанага слова: велікадушны, велікарускі, велікамучанік, велікасвецкі; Вялікабрытанія, вялікадзяржаўны, вялікагаловы.

2. Правапіс літары ё ў першай частцы складаных слоў цалкам залежыць ад месца націску ў другой частцы. Калі націск падае на пер-ы склад другой часткі складанага слова, то ў першай частцы замест ё пішацца е: ледарэз, медагонка, легкадумна. Калі націск знаходзіцца не на першым складзе другой часткі складанага слова, у першай частцы захоўваецца напісанне ё: лёгкаатлетычны (параўн. лёгкі), лёдадрабілка (параўн. лёд), мёдаварэнне (параўн. мёд).

3. Правапіс злучальных галосных е, ё і я (таксама як a і о) цалкам залежыць ад месца націску ў другой частцы складанага слова.

Злучальныя галосныя ё і о пішуцца толькі пад націскам. У адных выпадках гэта можа быць адзіны націск у складаным слове (Вадохрышча, куродым, часопіс, геліёграф), у іншых - фактычна другі дадатковы націск (ільновалакно) як у складаных словах з націскам не на першым складзе ў другой частцы (вогнетрывалы, водаразмеркавальнік, вагонарамонтны, высокаідэйны, конегадоўля) (гл. § 5, пункт 2 Правіл).

Не пад націскам заўсёды пішацца злучальная галосная а у поўнай адпаведнасці з правапісам о і а ў націскных і ненаціскных складах (гл. § 2, п. 1 і § 4, пп. 1 і 2 Правіл).

Злучальная галосная е ў складаных словах пераходзіць у я, калі націск на першым складзе ў другой частцы складанага слова ў поўнай адпаведнасці з правіламі адлюстравання якання на пісьме ў спрадвечнабеларускіх словах: баяздольны, зернясховішча, земляроб, жыццярадасны, крывятворны; але: боепрыпасы, жыццеапісанне, землекарыстанне, зернебабовы (параўн. землі, зямля, земляны; зелень, зялёны, зеленаваты).

Напісанне злучальнай галоснай е ў складаных словах з другой часткай, якая пачынаецца ў (у нескладовым), таксама падпарадкавана агульнаму правілу правапісу складаных слоў (гл. каментарыі да § 5 у "Родным слове" № 2 за 2009 г.). У адпаведнасці з гэтым правілам злучальная галосная е паслядоўна пішацца ва ўсіх складаных словах, у якіх другая частка пачынаецца з ў і таму мае націск на першым складзе: вогнеўстойлівы, зернеўборачны, землеўласнік, цыбулеўборачны. У папярэдняй лексікаграфічнай практыцы гэтае правіла выкарыстоўвалася непаслядоўна. Параўн. цыбуляўборачны (Слоўнік беларускай мовы. Мінск, 1987).

§ 8. Прыстаўныя галосныя і, a

1. Прыстаўная галосная і пішацца:

у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першай літарай м: імшара, імчаць, імгла, імгненне, імклівы;

у пачатку некаторых слоў перад спалучэннямі зычн

Зубрёнок Ребусы по физике
Календарь
«    Июнь 2025    »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
 
Популярные новости гимназии
    Опрос
    Уважаемые родители! Какие мероприятия вы предлагаете запланировать нам в следующем уч.г.?
    Экскурсии
    Родительские собрания
    Открытые классные часы
    Концертные программы
    Мастер-классы
    Другое
    Онлайн радио
    Flag Counter

    Лучше физики может быть только физика