Кастусь Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі
Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе!




Кастусь Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1838 году ў вёсцы Мастаўляны пад Беластокам. Паходзіў са шляхецкага роду Каліноўскіх герба "Калінава", які паводле пісьмовых крыніцаў вядомы з XVII стагоддзя. Продкі Каліноўскага амаль сто гадоў валодалі маёнткам Калінава. Пасьля ягонага продажу у 1836 годзе бацька будучага кіраўніка паўстаньня заснаваў у Мастаўлянах ткацкую фабрыку, у 1849 годзе набыў фальварак Якушоўка паблізу мястэчка Сваслач Ваўкавыскага павета. Там прайшло дзяцінства Кастуся.



Першапачатковую адукацыю будучы рэвалюцыянер атрымаў у Сьвіслацкай павятовай навучальні. Вялікі ўплыў на яго меў старэйшы брат Віктар, які вучыўся ў Маскоўскім унівэрсытэце, вывучаў на даручэньне Віленскай архэалягічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.



У 1856 годзе Кастусь паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, які скончыў праз чатыры гады з навуковай ступеньню кандыдата права. Ужо ў студэнцтве ён рашуча ступіў на сьцяжыну палітычнай барацьбы з самаўладзьдзем, разам з братам належаў да рэвалюцыйнага гуртку Зыгмунта Серакоўскага і Яраслава Дамброўскага. На Бацькаўшчыну Каліноўскі вярнуўся ў 1861 годзе перакананым змагаром супроць царызму.

Кастусь стаўся стваральнікам і душой нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі ў Горадні, разам з паплечнікамі езьдзіў па навакольных вёсках і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялянаў, рыхтуючы іх да паўстаньня. Гэтай мэце служыла і нелегальная беларуская газэта "Мужыцкая праўда", якую надзелены яскравым публіцыстычным і літаратурным талентам Каліноўскі пачаў выдаваць у 1862 годзе супольна з Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангіным і Валерам Урублеўскім.



Аўтар і рэдактар бальшыні нумароў "Мужыцкае праўды", Каліноўскі сам браў удзел у яе пашырэньні: развозіў па вёсках, раскідваў на дарогах. Ён імкнуўся разьвеяць ілюзіі сялянаў, паказаць, што царскі маніфэст аб скасаваньні прыгоннага права - гэта чарговае ашуканства працоўнага люду. Кастусь заклікаў змагацца за тое, каб прыйшоў час, калі "ніколі ніякай нікому мужыкі паншчыны служыць ня будуць і ніякага ў казну аброку плаціць, і народ наш будзе вольны і шчасьлівы". Да канца 1862 году значным накладам выйшла шэсць нумароў "Мужыцкае праўды".

Апошні, сёмы нумар "Мужыцкае праўды" пабачыў сьвет ужо ў час нацыянальна-вызваленчага паўстаньня. Тут гучыць адкрыты заклік да змаганьня з расейскімі калянізатарамі: ''А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць зь віламі ды з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сьцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне нячыстая маскоўская сіла, да ад душы памагацьусялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. А будзе ў нас вольнасьць, якой не было нашым дзядам ды бацькам".



Прайшло больш за стагодзьдзе, але палымяны пратэст выдаўцоў газэты супраць каляніяльнай палітыкі Расейскай імпэрыі, заклік здабыць сапраўдную волю і незалежнасьць ня страцілі сваёй актуальнасьці. Невыпадкова поўныя тэксты "Мужыцкае праўды" ў Беларусі удалося надрукаваць толькі ў 1988 годзе.

Пасьля загаду аб ягоным арышце Каліноўскі дзейнічаў пад кансьпірацыйнымі прозьвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціус... Увосень 1862-га ён узначаліў Літоўскі правінцыйны камітэт, што рыхтаваў вызвольнае паўстаньне ў Беларусі. Кастусь стаяў на чале найбольш пасьлядоўных рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібэралаў ("белых") называлі "чырвонымі". Яны выступалі супроць саслоўнай няроўнасьці, за дэмакратычную рэспубліку, за перадачу зямлі сялянам. Каліноўскі лічыў, што народы Беларусі, Летувы ды Ўкраіны павінны самі разьвязаць пытаньне пра сваю незалежнасьць. "Белыя" ж лічылі галоўнаю задачай аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году.

Першыя паўстанцкія атрады прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студзеня 1863 году, але ўвесну пачалі фармавацца мясцовыя аддзелы. Адразу пачаліся сутычкі з расейскімі акупацыйнымі войскамі. Баявыя дзеяньні насілі характар партызанскай вайны з-за значнай колькасьці царскіх войскаў, што былі перакінутыя на Беларусь. Прыходзячы ў вёску ці мястэчка, паўстанцы склікалі сходы жыхароў, абвяшчалі ім маніфэст і аграрныя дэкрэты, складалі акты аб перадачы зямлі ва ўласнасць сялянаў, прымалі ад іх прысягу на вернасьць рэвалюцыйнаму ўраду, зьнішчалі дакуманты валасных канцылярый, а сабраныя з сялян падаці вярталі ім. Матэрыяльнае забяспячэньне атрадаў ускладвалася на памешчыкаў. Усяго на тэрыторыі Беларусі адбылося больш за 50 баёў і сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі - у асноўным арэнай баявых дзеяньняў сталі Гарадзеншчына і Віленшчына.

Пасьля пачатку паўстаньня "белым" удалося адхіліць Каліноўскага і ягоных паплечнікаў ад кіраўніцтва. Ён стаў паўстанцкім камісарам Гарадзенскай губэрні, здолеў прыцягнуць да ўдзелу ў збройнай барацьбе шмат сялянаў. Улетку 1863 году Кастусь зноў узяў у свае рукі кіраўніцтва віленскім паўстанцкім цэнтрам, які часам называлі "чырвоным жондам".

Паўстаньне ў Беларусі ўжо задыхалася. Адзін зь інсургентаў - паўстанцкі камісар Магілеўскай губэрні Вітаўт Парфіяновіч - на допыце выдаў Каліноўскага. У лютым 1864 году "кіраўнік паўстаньня, што жыў уВільні ў Сьвятаянскіх мурох (побач з саборам сьвятога Яна) пад імем Ігната Вітажэнца, трапіў у рукі царскіх жандараў. У часе сьледства і суду Кастусь трымаўся надзвычай мужна. На прапанову аблегчьщь свой лёс, назваўшы некаторыя адрасы і імёны, ён адказаў: "Калі грамадзкая шчырасьць ёсьць дабрачыннасьцю, то шпіёнства апаганьвае чалавека. Усьведамленьне гонару, уласнае годнасьці і таго становішча, якое я займаў у грамадзтве, не дазваляюць мне ісьці па іншым шляху".

Царскі ваенна-палявы суд вынес настанову: пакараць правадыра інсургентаў сьмерцю на шыбеніцы. Прысуд быў выкананы 22 сакавіка 1864 году на віленскім гандлёвым пляцы Лукішкі. Слухаючы на эшафоце вырак, у якім кіраўнік паўстанцаў быў названы "дворянином Калиновским", ён выгукнуў: "У нас няма дваранаў, у нас усе роўныя!"

"Толькі тады народзе зажывеш шчасьліва, калі маскаля над табой ужо ня будзе" - напісаў Каліноўскі ў адным з нумароў "Мужыцкай праўды" - гэтыя словы славутага змагара і нацыяналіста ня страцілі саёй актуальнасьці і сёньня.


Кастусь Каліноўскі "Мужыцкая праўда" №1



Кастусь Каліноўскі "Мужыцкая праўда" №2



Кастусь Каліноўскі "Мужыцкая праўда" №3



Кастусь Каліноўскі "Мужыцкая праўда" №4



Кастусь Каліноўскі "Мужыцкая праўда" №5



Кастусь Каліноўскі "Мужыцкая праўда" №6



Кастусь Каліноўскі "Мужыцкая праўда" №7


^